Летапіс Дзяржаўнай установы адукацыі “Елкаўская сярэдняя школа”
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Елцы школы не было. Дзеці хадзілі пехатою вучыцца ў в. Ярнева, дзе была пачатковая школа, размешчаная ў хаце мясцовага каваля. Настаўнікамі там працавалі Ягоўдзік Міхаіл Раманавіч, Емельянчык Міхаіл Давыдавыч, Валадашчык Надзея Раманаўна. Яны былі жыхарамі вёсак Елка і Сынковічы.
Сямігадовая школа на тэрыторыі весак Елка, Казловічы ўзнікла прыкладна ў 1947 годзе. Яна размяшчалася ў двух будынках: сярэднія класы (5-7) – у в. Казловічы ў асобным будынку, які знаходзіўся ля могілак, пачатаковыя класы (1-4) - у в. Сынковічы ў доме свяшчэннаслужыцеля, пры царкве. Першымі настаўнікамі пачатковай школы былі Лавінецкая Таццяна Аляксандраўна, Скіба Вера Дзянісаўна, Карачун Лідзія Мацвееўна, Емельянчык Міхаіл Давыдавыч. У такім выглядзе школа існавала да 1960 года. У 1960 годзе пачатковую школу перанеслі ў асобны будынак за ваколіцу вёскі (пазней гэта быў будынак сельскага Савета). У тым жа 1960 годзе побач са старым будынкам школы ў в. Казловічы быў пабудаваны яшчэ адзін і школа пачала размяшчацца ў двух будынках (адзін з іх згарэў падчас пажару ў пачатку 2000-х гадоў). Першымі дырэктарамі школы былі Сарвас Пётр Іванавіч, Прошка Раман Міхайлавіч, Паляшчук Пётр Міхайлавіч.
У 1968 годзе школа стала васьмігадовай, аднак, усе вучні так і прадаўжалі займацца ў старых будынках. Да 1976 года працавала і вячэрняя школа.
У гэты час педагагічную дзейнасць ажыццяўлялі Пянцяк Міхаіл Іванавіч (матэматыка), Сцяцко Кацярына Мікалаеўна (беларуская мова), Бярэйшык Марыя Станіславаўна (руская, нямецкая мова), Адміралава Ніна Паўлаўна, Філітовіч Васіль Паўлавіч, Філітовіч Алена Гаўрылаўна (руская мова), Бараноўскі Міхаіл Парфіравіч (фізіка, матэматыка), Бараноўская Галіна Аляксандраўна (матэматыка), Дзянішчык Галіна Андрэеўна (руская мова), Гуліс Ганна Сцяпанаўна (піянерская важатая, руская мова), Русак Іванавіч Аляксандравіч (фізічная культура), Жданюк Надзея Антонаўна (хімія, біялогія) і іншыя. На жаль, многіх з іх ужо няма ў жывых. Так як вучняў у вёсцы заўсёды было многа, у школе было па два паралельныя класы. У 70-х гадах 20 стагоддзя ўзнікла неабходнасць будаўніцтва новай школы, якая і пачала функцыянаваць у 1975 годзе. Гэта быў новы двухпавярховы панэльны будынак, у якім школа размешчана да нашых дзён.
На працягу ўсіх гадоў школа насіла назву “Казловіцкая базавая ”. У 1992 годзе яна памяняла назву і статус і стала называцца Елкаўскай сярэдняй школай.
З 1967 па 1999 год педагагічны калектыў узначальваў Філітовіч Васіль Паўлавіч, які працаваў у школе з 1960 года настаўнікам геаграфіі, а ў 1966 годзе быў завучам гэтай жа ўстановы.
Намеснікамі дырэктара ў гэты час былі Бараноўская Галіна Аляксандраўна, Бараноўскі Міхаіл Парфіравіч, Гуліс Ганна Сцяпанаўна. Разам з імі працавалі Пякарская Валянціна Ульянаўна (нямецкая, руская мова), Ярмолік Галіна Міхайлаўна (хімія, біялогія), Ададурава Валянціна Захараўна. У 80-гадах 20 стагоддзя ў школу прыйшлі Бусько Людміла Сцяпанаўна, Навумчык Таццяна Міхайлаўна, Дзянішчык Людміла Браніславаўна, Літвінчык Святлана Іванаўна, Літвінчык Іван Іванавіч, Лебедзь Анатоль Вацлававіч, Рукіна Таццяна Васільеўна, Латош Алена Іванаўна. У 90-гадах – Навумчык Іна Мікалаеўна, Карней Святлана Пятроўна, Лешчык Алена Пятроўна, Колышкіна Ларыса Валер’еўна, Пракаповіч Алена Аляксандраўна. У 2000-х - Давыдчык Наталля Чаславаўна, Баброўскі Сяргей Мікалаевіч, Шухно Надзея Георгіеўна. Асноўная колькасць настаўнікаў працуе і сёння. Шухно Н.Г. выйшла на заслужаны адпачынак, Пракаповіч А.А. і Лешчык А.П., на жаль, памерлі ў маладым узросце.
З 1999 года педагагічны калектыў узначальвае дырэктар школы Лебедзь Анатоль Вацлававіч. У апошні час школа часта мяняла сваю назву. Яна была Елкаўскай сярэдняй, Дзяржаўнай установай адукацыі “Елкаўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа. З 2011 года - Дзяржаўная установа адукацыі “Елкаўская сярэдняя школа”. З 2002 года ў школе працавала некалькі намеснікаў дырэктара: намеснікамі па вучэбнай і выхаваўчай рабоце працавалі Рукіна Т.В., Пракаповіч А.А., Баброўскі С.М., Літвінчык С.І. Зараз засталася толькі па паполове стаўкі намеснікаў дырэктара, так як колькасць навучэнцаў скарачаецца. У 2024/2025 навучальным годзе намеснікамі працуюць: па вучэбнай рабоце Давыдчык Н. Ч., па выхаваўчай рабоце Скіруха В. В.
У пачатку 2000-х гадоў педагагічны калектыў значна памаладзеў і на 50% складаецца з маладых настаўнікаў, якія ўносяць у жыццё педкалектыва адзнакі новага часу. Многія былыя выпускнікі школы прадаўжаюць тут сваю педагагічную дзейнасць: Рукіна Таццяна Васільеўна, Карней Святлана Пятроўна, Колышкіна Ларыса Валер’еўна, Давыдчык Наталля Чаславаўна, Бурвін Вольга Мікалаеўна, Ягаўдзік Іна Анатольеўна. Педагагічны калектыў складаецца з 22 настаўнікаў, сярод якіх ёсць педагог сацыяльны, педагог-арганізатар.
У сувязі з будаўніцтвам аграгарадка “Елка”, адбыўся і капітальны рамонт і рэканструкцыя самога будынка школы. Яна набыла новы, сучасны выгляд. Сёння тут ёсць камп’ютарны клас, біябліятэка, сталовая, спартыўная, трэнажорная і актавая залы, лабаранцкія пры кабінетах хіміі і фізікі, метадычны кабінет, кабінет дырэктара, настаўніцкая, майстэрня і кабінет абслугоўваючай працы, 9 прадметных кабінетаў. Маецца адзіная лакальная сетка, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр.
У 2023/2024 навучальным годзе, на пачатак года ў школе займаецца 80 вучняў Сынковіцкага сельскага Савета. У асноўным, вучні з аграгарадка “Елка”, весак Казловічы, Чырвонае Сяло, Раўтовічы
На працягу апошняга дзясяцігоддзя педагагічным калектывам выкарыстоўваюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, вядзецца работа па грамадзянскім выхаванні вучняў. Установа адукацыі ганарыцца сваімі выпускнікамі, многія з якіх прадаўжаюць педагагічную дзейнасць у іншых установах рэспублікі. Сярод выпускнікоў школы ёсць людзі самых розных спецыяльнасцей: юрысты, эканамісты, медыкі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, прадпрымальнікі, работнікі праваахоўных органаў і інш.